ША́РКАЎШЧЫНСКАЯ ПАДПО́ЛЬНАЯ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ «ЗА РАДЗІ́МУ» ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліп. 1941 — ліп. 1944 на тэр. Шаркаўшчынскага р-на. Налічвала 31 чал. (кіраўнікі Г.К.Лысёнак, П.А.Балай, І.А.Гінько). З вясны 1943 дзейнасць арг-цыі накіроўвалі Вілейскія падп. абкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Падпольшчыкі вялі агітац. работу сярод насельніцтва, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, збіралі і перадавалі партызанам зброю, звесткі разведкі пра варожыя гарнізоны ў Варапаеве, Глыбокім, Паставах, Шаркаўшчыне, бланкі дакументаў, пісчую паперу. Летам 1943 напярэдадні адыходу ў партызаны падпольшчыкі падпалілі ў Варапаеве будынак біржы працы і знішчылі дакументы. Сумесна з партызанамі патрыёты знішчалі лініі сувязі, палілі масты на шашэйных дарогах і чыгунцы, удзельнічалі ў нападах на гарнізоны акупантаў. У барацьбе супраць фаш. захопнікаў загінула 9 падпольшчыкаў.
М.Ф.Шумейка.
т. 17, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)